Старонка:З гісторыі асьветы на Беларусі ў пачатку 19 сталецьця.pdf/6

Гэта старонка была вычытаная

паліцыі, кіраўнікі гуртка вырашылі прыпыніць яго легальную дзейнасьць, каторая сваім шумам зьвяртала на сябе ўвагу. Галоўныя організатары гуртка „прамяністых" павялі агітацыю за роспуск організацыі, і яна за­чынілася ў канцы 1819 году.

Замест яе пачалася організацыя новага гуртка, ужо патаемнага, ка­торы атрымаў назву вобчаства „Філарэтаў". У 1820 гаду быў складзены новы статут. Ён быў больш апрацаваны, чым статут „Прамяністых", і складаўся з 72 артыкулаў, куды ўходзілі і 15 артыкулаў гуртка „Прамя­ністых". У статуце ясна была вызначана праўдзівая мэта вобчаства „ Фі­ларэтаў"—адрадзіць Рэч Паспалітую, у каторую павінна ўвайсьці і Бела­русь з Літвою. На чале „Філарэтаў" стаяў прэзыдыум, які складаўся з трох асоб: старшыні Тамаша Зана і двух яго намесьнікаў, Яна Чачота і Франца Малеўскага, сына рэктора ўнівэрсытэту. Ня гледзячы на сваё нелегальнае становішча, гурток меў вялікі ўплыў і шырока разросься. У яго складзе налічвалася каля 300 сяброў. Праца гуртка стала вядома па­ліцыі, і за гуртком сталі сачыць. Даведаўшыся аб гэтым, правадыры гуртка рашылі спыніць яго працу, і гурток зачыніўся ў 1822 годзе. Томаш Зан пры гэтым спаліў усе папяровыя справы, баючыся, каб яны, папаўшы ў рукі паліцыі, ня выклікалі раскрыцьця працы гуртка і рэпрэсіяў.

Мы ўжо гаварылі аб тым, што ўсе гурткі, будучы па сутнасьці польскімі, мелі мясцовы, беларускі колёрыт. Віленскі ўнівэрсытэт прагнуўся ў тыя часы быць краёвым унівэрсытэтам. Такая мясцовая афарбоўка гурткоў пры унівэрсытэце не здаваляла цэнтралістычных пажаданьняў Варшавы. Польскія патрыёты у Варшаве лічылі, што мясцовы напрамак віленскіх унівэрсытэцкіх гурткоў выклікае сэпаратызм на Беларусі і будзе прашкаджаць справе агульна-польскага будаваньня. У гэтых адносінах вельмі цікава зрабіць вынятак з артыкулу, зьмешчанага ў № 147-м "Брукавых ведамасьцяў" пад назваю „Ліст з Варшавы, падпісанага псэўдані­мам „Варшаўскі Прыяцель". Там мы чытаем: „Ня гледзячы на вульгар­насьць і жартаўлівасьць вашай назовы (разумеецца назва „Шаброўцы" і назова іх часопісі), вы усё-ж такі маеце тут (у Варшаве) шмат прыхіль­нікаў, каторыя цэняць вашую орыгінальнасьць, а асабліва ваш шляхэтны намер выкараняць краёвыя парокі. Праўда, іншы раз, нават вашы пры­хільнікі скардзяцца, што для палякоў вы пішаце пакітайску, што яны ня могуць разумець вас. Вы пішаце для Літвы, а не для Кароны; вы менш клапоціцеся аб тым, ці зразумее вас Варшава, абы толькі зразумелі вас Вільня і Літва; іншы раз вы паніжаеце ваш стыль, каб толькі зрабіцца даступнымі для разуменьня ўсіх". Выходзіць, што інтарэсы Літвы і Бе­ларусі занадта блізкі, па погляду Варшавы, для віленскіх патрыётаў; што каронная Польшча мала цікавіць іх; што яны псуюць чыстую поль­скую мову, „паніжаючы яе да звычайнай на Беларусі", простай мовы. Усё гэта ясна гаворыць нам аб краёвасьці гурткоў віленскіх студэнтаў, каторыя былі пастаўшчыкамі артыкулаў у „Брукавыя ведамасьці". Зразумела, што Варшаве такі напрамак „крэсавых" гурткоў зусім не пада­баецца. Аб іх мове, якая была прыстасована не для Палякоў, а для „літоўцаў" (так тады звалі і літоўцаў і беларусаў), аўтар артыкулу піша, што яна „кітайская".

Сябры вышэйпамянёных гурткоў вельмі цікавіліся наогул краезнаўствам. Асабліва працавалі ў гэтым напрамку „Філарэты". У іх гуртку істнавала, нават, друкаваная інструкцыя, як зьбіраць матар'ялы па этнографіі і географіі Беларусі, вельмі дэтальна апрацованая. Інструкцыя па­ будована па форме анкеты: яна ставіць зьвязны шэраг запытаньняў, на каторыя кожны, зьбіраючы матар'ялы, павінен даць адказы. Гэтая про-