Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/120

Гэта старонка была вычытаная

ХЛОПЧЫК

На дубец ускочыў конна:
— „Косю, косю, стой-жа, стой.
Вось удаўся конь ня сонны —
Не пастоіць пада мной“.

Хлопчык ладзіцца ў дарогу.
— „Ты-ж куды?“ — „Далёка проч!“
І махнуўшы пугай строга,
Шпарка ён імчыцца ўскоч.

Ах, свавольнік мой, патвора,
Бегай, сьмейся і гуляй.
Не дакучаю дакорам —
З год дзіцячых карыстай.

Што-ж, жывучы потым ў сьвеце,
Нагадаецца якраз,
Як скакаў к далёкай мэце
На дубцы вярхом падчас…