Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/128

Гэта старонка не была вычытаная

Каму распусты жах прынадны,
Хто гора топіць у віне; —
Маім абоймам тыя жадны,
Прыходзяць тыя да мяне.

Я ўсіх вітаю ветла, рада, —
Хто-б ён ні быў, хто ён ні ёсьць, —
Мае жаночыя прынады
За плату мае ўсякі госьць.

Я імітую ім каханьне,
Ім ня суджонае праз лёс,
Насьмелыя дзяцей спатканьні
І палкасьці глухі наркоз.

Змушаю верыць мімаволі
І жар збуджаю малады,
Сама няўзрушная ніколі,
Сама халодная заўжды.

Ў душы адзін, адзін лятунак,
Глыбока схованы на дне —
Далёкі любы — мой пястунак —
Той, хто кахаў калісь мяне.

Які ня сьмеў, ня сьмеў ні разу
Свае мне пешчы дараваць,
Якога мела за абразу
Ў дзявочых думках цалаваць.

Цяпер і ён такі-ж прапашчы,
Ланцуг жыцьця цягае ледзь;
Ніхто, ніхто яго ня лашчыць,
Лёс прысудзіў яму гібець.