Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/35

Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Над нядоляй Тваёй не заплачу
І на свой не пажалюся лёс,
Хоць і ведаю — доля лядача
І балюча, часамі, да сьлёз.

Хоць і ведаю сум і утому,
І ня раз давяраўся мане,
Ды ці-ж мне выгалошваць жывому,
Запяваць паніхіднае мне?

А, ніколі, ніколі, ніколі —
Мы — ня вецер распачны зімой;
Ты — застанешся верная волі,
Я — на варце нязьменна з Табой.

Ні часіны ня кінем змаганьня;
Не аслабне, ня здрадзіць далонь:
Хто заквечаны кветам каханьня,
Той нянавісьці знае агонь.

Чым гусьцей над табой пацямнее,
Чым цяжэй будзе крыж Тваіх плеч,
Тым запальней здымацца ўзмацнее
Мой кароткі, караючы меч.

1924 г.