Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/36

Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Дарма, што значны раны
Праз небагаты ўбор
І тужны, праз туманы,
Відаць вачэй дакор, —

Яе аблічча сьветла,
Узорны — тканы пас,
І лятуценьні ветлы
Аб недалёкі час.

Між пушч яе сяліба,
Дзе хіліцца асець,
І там, дзе цьмяна скіба,
Прыходзіць песьні пець;

І там, дзе над балотам
Кудлачыцца туман,
К густым рачным чаротам
Мільгае лёгкі стан;

І дзе над даўным сумна
У неба крыж ўстае,
Падгледзіў я задумнай,
Маркотную Яе.