Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/39

Гэта старонка была вычытаная

ДЗЕД

Патухшымі вачыма
Глядзіць на божы сьвет
Стары, у крук сагнуты,
Як голуб, белы дзед.

Пражыў на сьвеце многа:
Бяз нечага сто год.
За век пабачыў гора,
Нямала вынес слот.

Калісьці, да паўстаньня,
Рабіў, цярпеў прыгон…
К нямцом ня раз віціны
Ганяў па Нёмне ён.

Меў сілу непамерну,
Здаровы быў, як мур,
Таму так жыва, з песьняй,
Арэ сын родны — „шнур“;

Таму так — шчыры ў працы —
Будуе Край унук,
Адважны і бясстрашны
Не пакладае рук.