Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/48

Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Мы любім даўнія паданьні,
Быліцы сівых песьняроў.
Няхітры іх апавяданьні
Аб справах мінуўшых часоў.

Нам да спадобы чэрпаць веду
Гісторыі з пажоўклых кніг;
З рукопісаў пра быт прадзедаў
Даведацца, што сьведчыць мніх.

Прыемна нам дзядоў надзеі,
Іх тайны думы адзначаць,
Вялікія ў мінулым дзеі,
Дзе й як змагалась наша раць.

Шануем мы бацькоў імёны:
Навука й прыклад нам яны;
І помнім мы і веча звоны,
І вольнасьць роднай стараны;