Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/50

Гэта старонка была вычытаная

СЁМУХА

Начыста зьмецены і вуліца й двары,
Ля ганкаў і варот вясёлыя бярозкі —
Сягоньня Сёмуха, сягоньня сьвята вёскі,
І весялейшае ня знойдзецца пары.

Пагодны, ясны дзень. У полі і ў бары
Паветра хмельны пах, сьмяюцца сонца коскі;
А ў хаце бел абрус, падходны блін — дар боскі,
І шчасьцем сьвецяцца мужычыя твары.

І веру радасна я болей, чым калі,
Ў вялікі лёс і шлях радзімае зямлі:
Абуджаны народ быліц дазнае сказ,

Узрушыць, як адзін, пры сьвеце бліскавіцы.
Прыдзі хутчэй! Я жду цябе, жаданы час.
Дай думам сёмушным і казкам дай зьдзяйсьніцца!

1922 г.