Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/60

Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Я люблю густыя шумы,
Перагуд высокіх хвой.
Ў цень і ціш лясной задумы
Я люблю прыйсьці вясной.

Спачываючы ад болю,
Ад няпраўды і маны,
Пазнаваць чужую волю,
Дыхаць пахам сасьніны.

І, спусьціўшыся лагчынай
У заросшы дол сыры,
Між бяроз, густой ляшчынай
Заблудзіцца ў гушчары,

Дзе таемна, сьцішна, змрочна,
Дзе вільготны, мяккі мох,
Дзе ўзіраецца ставочна
Збуджаны Перапалох.

1923 г.