Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/62

Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Насоўвае пушча
Магутнай, зялёнай сьцяной.
Ўваходжу у гушчу
Высока узьняўшыхся хвой.

Павага й зацішша,
Прасьветы ў павеці жывой.
І вецер калыша
Страмкіх верхавін галавой.

Салодка паверыць
Ў разложысты шум над табой,
І, сьцішаным, мерыць
Пуціну павольнай ступой,

І слухаць бязмоўна
Чароўнасьць трывожнай душой,
Грудзямі да-поўна
Ўдыхаці стыхіі спакой.

1923 г.