Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/75

Гэта старонка была вычытаная

КАХАНЬНЕ

Зьявілася, і чую сіл крыніцу,
І думы нязвычайныя мае —
То боль жыцьця, то лёгкасьць сьмерці сьніцца,
І сэрца незнаёмае пяе.

Яна-ж красой варожыць, чараўніца:
Як гады, віснуць косы з плеч яе,
А вочы з-пад павек — з-за хмар зарніца,
І тайнасьць складак вопраткі заве.

Атручан хмельным соладам каханьня
На кліч таёмны йду бяз дум, пытаньняў
Вітаці сьветлавокую Лауру.
А з вуснаў шчырых рвецца ўжо сонэт
Гучны, нібы віхор свавольны ў буру,
І радасны, бы ўлюблены поэт.

1921 г.