Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/79

Гэта старонка не была вычытаная

ΜΑΡΤΑ

Апратка проста і будзённа,
Сабраны ў косу валасы,
Снуе задума звольна, сонна
Узор звычайнае красы,

Нібы ў гадзіньніку пясковым,
Плыве цурок драбніц-клапот,
Жаданьні цюцькаю вартовым
Не адбягуцца ад варот.

Бяздум'е броваў ня прывабна
І на твары спакой цяжкі,
Пастава пруткая нязграбна,
Нязграбны рух яе рукі.

Імя, як ноч, глухое — Марта
Не зачаруе чулы слух,
Пагляд прыцішаны, упарты
Лятункамі ня ўскрыліць дух.

Вось гэткую, Хрысьце, у Бэтане
Ты знаў, як я, ў сваю пару
Марыі ўзвышанай каханьнем
Затурбаваную сястру.