Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/92

Гэта старонка не была вычытаная

О, мармур сьветлага чала
Пад пасмамі глухой завеі!
О, тонкіх рук, о, рук лілеі,
Што ня чынілі справы зла!
О, хараство зялёнай пальмы!
Ты ўся зьвініш напевам псальмы,
І росных траваў родны пах
Кадзіць на твой азурны шлях!

Якая слабасьць і спакой,
Якая дзіўная суточнасьць
У сьвет нясьці адну пяшчотнасьць
І ўсё змагаць аднэю ёй.
А мне маліць — мая Марыя,
Прымі малітвы маладыя
І яснасьцю душы тваёй
Маю пахмурую напой.