Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/96

Гэта старонка была вычытаная

V

Памятаеш ты помны той вечар?
(Я яго захаваў назаўсёды).
На трывогу зьдзічэла дзьмуў вецер,
І крывавілі хмары заходу,
Нібы волата сэрца прабіта
І крывёй яго неба заліта.

Я казаў аб зямным бытаваньні…
О, так горкай сьвядомасьці мова!
О, духота, глухія ўспрыйманьні!
Яно грукае, цяжкае слова,
Як віхура аб шыбы, завейна,
Як цьвікі да труны, безнадзейна.

Вечар доўгі згараў хварабліва.
Доўга падалі словы-каменьні,
Ты ўважала спакойна й маўкліва
І няўзрушна была у цярпеньні.
І як сьціх я, была бястрывожна,
Як шляху свайго пэўны дарожны.