Старонка:З пушкі на Луну.pdf/10

Гэта старонка была вычытаная

— Сапраўды так! — адказваў Мастон. — Але навошта мне было столькі працаваць, ламаць галаву над страшэнна цяжкімі пытаннямі? Народы Новага Свету нібы згаварыліся жыць у вечнай згодзе. Чыталі вы апошні нумар «Трыбуны»? Як добра высвятляе яна, колькі няшчасця павінна прынесці чалавецтву разрастанне насельніцтва, набываючае проста недапушчальныя размеры!

— Аднак, Мастон, — засупярэчыў палкоўнік Блемсберы, — у Еўропе не бяздзейнічаюць. Адна нацыянальная варожасць колькі выклікала ў апошні час войнаў! Там прадбачыцца яшчэ новая вайна…

— Дык што-ж?

— Можна было-б паспрабаваць наладзіць там што-небудзь: добрыя балістычныя доследы…

— Што вы, што вы! — усклікнуў Білсбі. — Займацца балістыкай для… чужых?

— Усё-ж лепш, чым зусім ёю не займацца! — засупярэчыў Блемсберы.

— Вядома, лепш! — дадаў Мастон. — Але, ведаеце, не варта пра гэта і думаць.

— Чаму-ж? — запытаў Блемсберы.

— А таму, што ў іх, у Старым Свеце, паняцці аб ваеннай кар’еры і правілы надання ступені чына для нас, амерыканцаў, зусім не падыходзячыя. Гэтыя людзі не здольны зразумець, што можна стаць выдатным генералам, нават галоўнакамандуючым, не праслужыўшы спачатку падпаручыкам, а потым паручыкам і капітанам, — пакуль не пройдзеш цэлую лесніцу чыноў… Гэта-ж адно і тое, што сцвярджаць, нібы нельга быць добрым артылерыстам, калі не ўмееш сам пушкі адліваць! Значыцца, погляды ў іх…