Старонка:З пушкі на Луну.pdf/122

Гэта старонка была вычытаная

якая не расходзілася з прычыны бесперапыннага прытоку новай пары. З другога боку, гэта велізарная хмара затрымлівала выдзяленне цяпла з шахты, г. зн. яе астыванне.

Цярпенне Барбікена, Мерчызона і ўсіх членаў Пушачнага клуба падверглася доўгаму і жорсткаму выпрабаванню. Але нічога нельга было зрабіць. Гатовы на самаахвярнасць Мастон рашыў падбегчы бліжэй да шахты і ледзь не спёкся, — ён ледзьве паспеў выратавацца. Яшчэ два тыдні пасля адліўкі над шахтай стаяў велізарны слуп дыму, і глеба апякала ногі на адлегласці сямідзесяці метраў ад вяршыні Стонзхіла.

Дні ішлі за днямі, тыдзень бег за тыднем, і ўсё яшчэ нельга было блізка падыйсці да шахты. І што вельмі прыкра, нельга было прыдумаць ніякіх сродкаў паскорыць астыванне велізарнага чыгуннага цыліндра. Заставалася толькі чакаць, пасіўна чакаць. Гэта распальвала членаў Пушачнага клуба, і больш чым усіх, зразумела, найпаважанейшага яго сакратара.

— Сёння ўжо 10 жніўня, — аб’явіў ён сабранаму гуртку бліжэйшых сяброў. — Да першага снежня застаецца менш чатырох месяцаў. А трэба яшчэ вынуць унутраную форму калумбіяды, калібраваць, набіць яе. Не справімся к тэрміну! Нельга нават падыйсці да пушкі! Няўжо яна ніколі не астыне? Гэта былі-б дрэнныя жарты!

Гнеў Мастона не ведаў граніц, і прыяцелям заўсёды прыходзілася ўгаварваць яго, каб хаця крыху супакоіць.

Барбікен нічога не гаварыў, стараючыся ўтаіць у душы прыкрасць і раздражненне. Бачыць перад сабой перашкоду, перамагчы якую мог толькі час, — а час пры даных абставінах з’яўляўся самым