Старонка:З пушкі на Луну.pdf/158

Гэта старонка была вычытаная

да двух, зусім розных груп жыццёвых умоў — у паветры і ў вадзе — і хіба лёгка растлумачыць, чаму стварылася такая двоістасць для іх жыцця? Хіба некаторыя марскія жывёлы не жывуць пад вадою на вялікай глыбіні і не вытрымліваюць ціску ў пяцьдзесят і шэсцьдзесят атмасфер, якія адразу сплюшчылі-б астатніх насельнікаў Зямлі? Хіба некаторыя жыхары вады і іншыя ніжэйшыя жывёлы не паказваюць, у якіх шырокіх граніцах можа хістацца тэмпература засяляемай сферы? Некаторыя з гэтых жывёл сустракаюцца ў крыніцах гарачай вады, іншыя свабодна размнажаюцца ў ледзяных пустынях палярных акіянаў! Па гэтых прыкладах трэба прызнаць за прыродай такую рознастайнасць ва ўмовах жыцця і дзейнасці, якая даходзіць амаль да ўсемагутнасці! Цяпер — з пункту гледжання хіміі. Хіба не даказана зусім бясспрэчна прысутнасць слядоў вуглярода ў аэралітах, г. зн. у целах, якія зараджаліся не на Зямлі?

Хіба гэты вуглярод не прадстаўляе сабой рэшткаў цел «арганізаваных», г. зн. здольных да жыцця, маючых розныя органы, якія падзяляюць між сабой працу прыстасавання арганізмаў да ўмоў сферы, г. зн. «працу» жыцця? Але я не хімік, не прыродазнаўца, не фізік, і таму, нарэшце, свайму паважанаму праціўніку адкажу так: я не ведаю законаў прыроды, не ведаю таксама, ці заселены іншыя светы, акрамя Зямлі. Таму я і хачу паляцець на Луну, каб уласнымі вачыма паглядзець, ці заселена яна ці не.

Можа ў праціўніка Мішэля Ардана знайшліся-б новыя супярэчанні, і ён адважыўся б распачаць новыя спрэчкі, але немэтазгодна было яму выказвацца: сход сустрэў апошнюю фразу Ардана з шалёным захапленнем. Доўга не сціхалі бурныя