Старонка:З пушкі на Луну.pdf/221

Гэта старонка была вычытаная

серваў мяса і гародніны. Але справа ў тым, што гэтыя кансервы пабывалі пад гідраўлічным прэсам, г. зн. былі спрасаваны да мінімальнага размеру, да апошняй, так сказаць, ступені, пры якой яны маглі захаваць свае спажыўныя якасці. Дзякуючы гэтаму малому аб’ёму Барбікен мог вылічыць, колькі спатрэбіцца каробак гэтых кансерваў на круглы год.

Каб можна было іх есці, трэба было амаль усе сарты такіх кансерваў разбаўляць значнай колькасцю вады. Але вады вырашана было ўзяць толькі на два месяцы: па-першае, вада вельмі грамоздкая, — вадкасці-ж амаль не сціскаюцца! — па-другое, і гэта галоўнае, ніхто з падарожнікаў не сумняваўся, што на Луне павінна быць хоць крыху вады, у самых глыбокіх нізінах. Акрамя вады, узялі гарэлкі — і даволі многа: дзвесце літраў.

Зразумела, усё гэта не абяцала ні рознастайнасці, ні смачнага стала, але дзіўным было-б патрабаваць чаго-небудзь ад яды пры ўмове такога незвычайнага падарожжа. Акрамя таго, спадзяваліся, што на Луне знойдуцца спажыўныя вяшчэствы і нават сякая-такая жыўнасць. Мішэль Ардан ані не сумняваўся ў гэтым.

— Калі-б я думаў, што на Луне няма чаго есці, то, напэўна, не захацеў-бы ляцець туды.

— А калі ўсё-такі акажацца, што там «няма чаго есці»? — запытаў Ніколь.

— Не можа гэтага быць! Аднак, — дадаў ён, — хіба мы застанемся зусім адны, на волю лёсу? Хіба ў нас не будзе прыяцеляў на Зямлі?

— О, безумоўна! — горача ўсклікнуў Мастон. — Хто можа ў гэтым сумнявацца!