Старонка:З пушкі на Луну.pdf/235

Гэта старонка была вычытаная

жальная мітусня; многія атрымалі сур’ёзныя ўшыбы. Мастон, які, насуперак разважнасці, падаўся вельмі ўперад, за вызначаную для гледачоў гранічную рысу, быў адкінуты на некалькі метраў назад і, праляцеўшы, нібы снарад, цераз галовы многіх, упаў у натоўп. Тысяч трыста чалавек заставалася некалькі хвілін зусім глухімі, нібы на іх напала аслупяненне.

Паветраны ток, створаны стрэлам калумбіяды, умомант абярнуў хаціны і дробныя будыніны вакол Стонзхіла, вырваў з коранем мноства дрэў на дзесяткі кілометраў навокал, пагнаў паязды да Тампа і, зваліўшыся лаваю на гэты горад, паваліў з сотню дамоў. У гавані сутыкнуліся некалькі суднаў і затанулі; з дзесятак караблёў, што стаялі на якарах у дальнім рэйдзе, парвалі свае якарныя ланцугі, як папяровыя ніткі, пасля чаго іх адразу выкінула на бераг, на пясок.

Спусташэнні пайшлі яшчэ далей па Фларыдзе і не абмежаваліся нават тэрыторыяй Злучаных Штатаў. Штучны віхор, створаны выбухам піраксіліна і, у дадатак, павялічаны дзеяннем заходняга ветру, пранёсся над Атлантычным акіянам кілометраў на пяцьсот ад амерыканскага берагу. Разбушавалася лютая стыхія, не прадбачаная і не прадсказаная ніякімі абсерваторыямі. Страшэнны смерч знянацку захапіў некалькі парусных суднаў, якія загінулі раней, чым паспелі зняць парусы. Між іншым афярай гэтай выпадковай буры стаў вялікі камерцыйны карабль «Чайльд-Гарольд» з Ліверпуля. Гэта сумная катастрофа выклікала буру нараканняў з боку Англіі.

Нарэшце, каб не прапусціць ніводнага сведчання аб гэтай буры, трэба сказаць, што, прыблізна