Старонка:З пушкі на Луну.pdf/237

Гэта старонка была вычытаная

густыя чорныя хмары. Ды ці магло быць інакш пасля такога страшэннага змяшчэння атмасферных слаёў і раптоўнага рассейвання вялікай колькасці газаў і пары ад выбуху паўтараста тон піраксіліна? Роўнавага атмасферы незвычайна парушылася.

На другі дзень сонца ўзышло над гарызонтам, закрытым хмарамі, нібы цяжкай і непрынікальнай заслонай, якая разаслалася на нязмерную адлегласць, ахапіўшы нават Скалістыя горы. Гэта было няшчасце, насмешка. З усіх канцоў Злучаных Штатаў узняліся нараканні. Але прыродныя законы былі неадхільны: жыхары Зямлі самі скалыхнулі атмасферу стрэлам калумбіяды і цяпер павінны былі цярпліва зносіць вынікі свайго ўчынку.

Дарма ўвесь дзень паглядвалі дзесяткі тысяч людзей на неба ў надзеі, што хмары разыйдуцца. Можна дадаць, што імкненні іх былі зусім дарэмнымі, бо і пры чыстым небе ніхто ў Фларыдзе нават у самую сільную трубу не ўбачыў-бы снарада.

Сапраўды, снарад ляцеў у напрамку, які ён атрымаў пры стрэле ноччу, а Зямля, з прычыны сутачнага вярчэння, была ўдзень павернута да процілеглага боку неба.

Таму спрактыкаваныя людзі і астраномы чакалі ночы. Настала ноч, але Луна не паказалася: зразумела яна своечасова ўзышла над гарызонтам, але заставалася зусім нябачнай з-за густых, непранікальных хмар, — нібы наўмысля хавалася ад позіркаў дзёрзкіх смяротных, якія адважыліся ў яе страляць. Назіранні былі зусім немагчымы не толькі ў Фларыдзе, але і на нязмернай прасторы Паўночнай Амерыкі, і тэлеграма з Лонгспіка толькі пацвердзіла гэту прыкрую перашкоду.