Старонка:З пушкі на Луну.pdf/280

Гэта старонка была вычытаная

— Я зараз растлумачу табе значэнне кожнай літары ў гэтай формуле, — сказаў Барбікен, звяртаючыся да свайго неспрактыкаванага таварыша, — спадзяюся, пасля гэтага ты ўсё зразумееш.

— Добра, пачынай! — адказаў Мішэль з выглядам чалавека, які збіраецца на самую адчайную справу.

— Праз d абазначана адлегласць між цэнтрамі Зямлі і Луны, — сказаў Барбікен. — Заўваж, што пры вылічэнні прыцяжэння двух цел неабходна браць адлегласць між іх цэнтрамі.

— Згодзен!

r — гэта зямны радыус.

— Радыус. Бясспрэчна…

m маса Зямлі, а ml — маса Луны. Гэтыя велічыні ўвайшлі ў формулу таму, што прыцяжэнне цел прапарцыянальна іх масам.

— Разумею.

g — паскарэнне цела, вольна падаючага паблізу паверхні Зямлі. Ці ясна гэта?

— Як хрусталь! — адказаў Мішэль.

— Літараю x я абазначыў тую ўвесь час узрастаючую адлегласць, якая аддзяляе нас ад цэнтра Зямлі, а V — гэта скорасць, з якой ляціць ядро на гэтай адлегласці.

— Вельмі добра!

— Урэшце, тую скорасць, якую ядро атрымае пасля выхаду за межы атмасферы абазначу праз V нулявое.

— Іменна, — сказаў Ніколь, — вось для гэтага месца і трэба вылічыць скорасць, бо вядома, што пачатковая скорасць, з якою мы вылецелі з калумбіяды, у паўтара разы большая за тую скорасць, якая засталася ў ядра пры выхадзе з атмасферы.