Старонка:З пушкі на Луну.pdf/291

Гэта старонка была вычытаная

— Аднаўляем, ды не зусім. Мы атрымліваем адзін кісларод, а другі газ — азот, які, хаця і не служыць для дыхання, усё-ж складае істотную, неабходную частку паветра, — мы не аднаўляем. Праз адчыненае акно яно вельмі хутка вылеціць ад нас.

— Ці многа яго вылеціць за некалькі секунд, пакуль мы выкінем беднага Спутніка! — засупярэчыў Мішэль.

— Многа ці мала, а я ўсё-ж яшчэ раз паўтараю: усю аперацыю трэба зрабіць як мага хутчэй.

— Якая-ж яшчэ небяспека? — запытаў Мішэль.

— Другая небяспека — знешні холад можа пранікнуць да нас у снарад, і тады мы можам замерзнуць.

— Што-ж — сонца грэць перастане?..

— Зусім не. Праменні сонца награваюць наш снарад, таму што ён убірае ў сябе гэтыя праменні; але тыя-ж самыя праменні зусім не награваюць пустой прасторы, у якой мы ляцім.

— Якая тэмпература прасторы, у якой рухаюцца планеты? — запытаў Ніколь. — Як я памятаю, французскі вучоны Пулье сцвярджае, што тэмпература ў дальніх абласцях сонечнай сістэмы 142 градусы ніжэй нуля па Цэльсію. Гэты рэзультат можна праверыць.

— Толькі не зараз, — адказаў Барбікен, — таму што цяпер сонечныя праменні падаюць прама на тэрмометр, і ён, значыцца, паказаў-бы вельмі высокую тэмпературу. А вось калі нам удасца даляцець да Луны, то на працягу пятнаццацідзённых ночаў, пануючых то на адным, то на другім яе баку, мы паспяхова зробім гэтыя назіранні, тым больш, што і Луна рухаецца ў пустой прасторы.

Падарожнікі пачалі хаваць Спутніка. Яго трэба