Старонка:З пушкі на Луну.pdf/300

Гэта старонка была вычытаная

— Мяне адно здзіўляе, — сказаў Ніколь, — як можа ляцець гэта цела, ані не адстаючы ад нас.

— Ніколь, — сказаў Барбікен пасля некаторага маўчання, — я не ведаю, што гэта за цела, але магу табе растлумачыць, чаму яно трымаецца на адной вышыні з нашым снарадам.

— Вельмі рад цябе паслухаць.

— Бачыш, мой мілы капітан, мы цяпер нясемся ў беспаветранай прасторы ці, прасцей кажучы, у пустаце, а вядома, што ў пустаце ўсе целы падаюць ці ўзлятаюць (гэта адно і тое-ж) з аднолькавай скорасцю. Скорасць гэта ніколькі не залежыць ні ад формы цела, ні ад яго вагі. У паветры-ж іншая справа: супраціўленне паветра служыць прычынаю таго, што адны целы падаюць у ім хутчэй, а другія — павольней. Калі, напрыклад, з дапамогаю паветранай помпы выпампаваць паветра з доўгай шкляной трубы, то целы, апушчаныя з аднаго яе канца, — няхай гэта лёгкія пушынкі ці дробныя кавалачкі свінца, — усе ўпадуць на другі канец трубы адначасова, г. зн. будуць рухацца з аднолькаваю скорасцю.

— Зусім правільна, — сказаў Ніколь. — Значыцца, усё, што-б мы ні выкінулі з ядра, будзе разам ляцець з намі да самай Луны.

— Якія-ж мы разявы! — ускрыкнуў Мішэль.

— Гэта ты за што-ж так нас няславіш? — запытаў Барбікен.

— А за тое, што мы не здагадаліся запоўніць наш вагон карыснымі прадметамі: кнігамі, інструментамі, прыладамі і інш. Мы цяпер маглі-б гэта выкінуць, і ўсё імчалася-б разам з намі. Дзіўная думка прышла мне ў галаву: чаму-б нам самім не прагуляцца на волі, як гэты балід? Можна-ж выкінуцца ў прастору праз якое-небудзь акно. А то ў гэ-