Старонка:З пушкі на Луну.pdf/335

Гэта старонка была вычытаная

карту Луны. Круглыя і светлыя плямы на ёй азначаюць горы, а цёмныя — вялікія моры (якія ў сапраўднасці не што іншае, як раўніны). Ён даў ім такія-ж назвы, якія сустракаюцца на Зямлі. Там аказаліся, напрыклад, Сінай пасярод Аравіі, Этна ў цэнтры Сіцыліі, Альпы, Апеніны, Карпаты, а таксама і моры: Сяродземнае, Мрамарнае, Чорнае і Каспійскае. Назвы гэтыя для лунных гор і мораў вельмі няўдалыя: ні горы, ні моры ніколькі не падобны па абрысах на сваіх зямных аднайменнікаў. Назвы Гевелія не захаваліся.

Другі картограф, які ведаў лепш слабыя струны чалавецтва, прапанаваў свае назвы, якія ахвотна ўсімі і былі прыняты. Гэта быў Рычыёлі, сучаснік Гевелія. Яго карта мела безліч грубых памылак. Затое лунныя горы, напрыклад, ён назваў імёнамі вялікіх людзей, старажытных і сучасных, што і прынята было для ўсеагульнага карыстання.

У ХVІІ стагоддзі французскі астраном Касіні склаў трэцюю лунную карту; яго работа хаця была зроблена з большай дакладнасцю, чым рычыёлеўская, але карта наогул няправільна адносна вымераў. Разышлося некалькі яе выданняў, але потым медная дошка, якая заляжалася ў друкарні, была прадана на лом, як непрыгодная рэч.

Лагір, другі выдатны французскі матэматык, склаў лунную карту велічынёю ў чатыры метры, але яна не была надрукавана.

Пасля яго нямецкі астраном Табіяс Мейер каля паловы ХVІІІ стагоддзя пачаў быў рыхтаваць карту па дакладных, ім самім правераных вымерах; але смерць у 1762 годзе спыніла гэту выдатную працу.