Старонка:З пушкі на Луну.pdf/336

Старонка праверана

Многія потым браліся за гэтую справу, але толькі ў 1830 годзе Бэр і Медлер склалі сваю выдатную „Mappa selenoh grapca“. На ёй зусім правільна паказаны лунны дыск у тым выглядзе, як ён уяўляецца зямному назіральніку: усе падрабязнасці ў абрысах гор і раўнін правільны толькі ў цэнтральнай частцы Луны, астатнія-ж часткі — паўднёвая, паўночная, усходняя і заходняя, — паказаныя ў паменшаным выглядзе, не могуць быць параўнанымі з цэнтральнымі. Гэта карта, велічынёю ў дзевяноста пяць сантыметраў і падзеленая на чатыры часткі, з’яўляецца верхам дасканаласці ў луннай картаграфіі.

Пасля гэтых вучоных можна ўпамянуць аб карце нямецкага астранома Юліуса Шмідта, аб выдатных доследах англійскага аматара Дэлару і, урэшце, аб карце Лекуцюр’е і Шапюі, зробленай у 1860 годзе з дзіўнай дакладнасцю і выразным размяшчэннем[1].

У Барбікена былі дзве карты: Бэра і Медлера і Шапюі і Лекуцюр’е. Яны павінны былі дапамагаць яму ў рознастайных назіраннях і вылічэннях.

Акрамя таго, у яго распараджэнні былі выдатныя марскія трубы, назнарок прыстасаваныя да гэтага падарожжа. Яны павялічвалі прадметы ў сто разоў і, значыцца, маглі на Зямлі набліжаць Луну да 4 000 кілометраў. Але тут, на адлегласці, якая хутка дасягне некалькіх сот кілометраў, і ў асяроддзі, дзе паветра не магло мець ніякага ўплыву — таму што яго і не было — гэтыя інструменты павінны былі наблізіць Луну да адлегласці ўсяго на некалькі кілометраў.

  1. У сучасны момант астраномы маюць падрабязныя фатаграфіі луннай паверхні.