Старонка:З пушкі на Луну.pdf/362

Гэта старонка была вычытаная

— Каб даказаць, што я тое-сёе зразумеў.

— Гавары, гавары, — адказаў усміхаючыся Барбікен.

— Зусім іншае, — пачаў сур’ёзна Мішэль, падражаючы тону прэзідэнта, — зусім іншае можна сказаць аб другой частцы Луны. Гэта бачная частка бывае асветлена Сонцам у час зямнога поўніка; у гэты час Луна знаходзіцца далей ад Сонца круглым лікам на 800 тысяч кілометраў, і цеплыня, атрыманая ёю, ужо менш значная.

— Вельмі ўдала выкладзена! — усклікнуў Барбікен. — Ведаеш, Мішэль, што я табе скажу? Для артыста, праўда, ты вельмі кемлівы…

— Так, не без таго, — адказаў нядбайна Мішэль. — Мы, парыжане, наогул народ не аблавухі.

Барбікен важна паціснуў руку свайму міламу спадарожніку.

— Аднак, — заўзажыў Мішэль, — калі мы пападзем у селеніты, то паселімся не інакш, як на бачным баку Луны. Люблю святло!

— Паселімся, калі толькі атмасфера не сабралася іменна на нябачаным баку, як запэўняюць некаторыя астраномы.

— Так, на гэта таксама не лішне звярнуць увагу, — згадзіўся Мішэль.

Пасля снедання падарожнікі зноў узяліся за назіранні. Яны патушылі агонь у снарадзе і стараліся ўбачыць што-небудзь праз цёмныя вокны. Але цемра была непранікальная. Нідзе ніводнай бліскучай кропачкі.

Куды снарад нёсся? Ці аддаляўся ён ад дыска ці набліжаўся да яго? А можа несла яго ў гэтым глыбокім змроку ў бязмежную нябесную прастору? Як гэта вызначыць? Як за чым-небудзь назіраць сярод непранікальнай цемры?