Старонка:З пушкі на Луну.pdf/381

Гэта старонка была вычытаная

упадзін, якія некалі былі водазборам рачной вады. Ардан са звычайнай палкасцю запэўніваў, што ўбачыў на ёй цытадэль. Тут здаваліся яму знесеныя гарадскія валы, там — некранутае скляпенне портыка; вось дзве-тры калоны, якія ляжаць каля сваіх п’едэсталаў; далей бесперапынны рад арак, якія павінны былі трымаць трубы вадаправода; а ў дадатак да ўсяго — паваленыя слупы гіганцкага маста, знікаючыя ў глыбіні трэшчыны. Усё гэта распазнаваў ён у тэлескоп сваёй фантазіі і, зразумела, дапаўняў рэчаіснасць такім жывым і палкім выабражэннем, што наўрад ці можна было спадзявацца на яго назіранні. Ці быў гэта сапраўды лунны горад, ці звычайная груда камення — цяжка было сказаць, таму, што ўсё назіраемае Мішэлем ужо знікла ў далечыні.

Адлегласць снарада ад луннага дыска пачала павялічвацца, і дэталі луннай глебы ўжо знікалі ад увагі назіральнікаў. Усё рабілася няяснай, няправільнай мешанінай. Толькі ўзвышшы, цыркі, кратэры ды раўніны абрысоўваліся на паверхні сваімі выпуклымі часткамі.

У гэты час з левага боку паказаўся адзін з самых прыгожых цыркаў Луны. Гэта быў «Н’ютон», — Барбікен адразу пазнаў гэту гару, глянуўшы на сваю карту. Гэта быў круглаваты кратэр, стромкія берагі якога ўзвышаліся на 7 260 метраў і здаваліся непрыступнымі.

Барбікен заўважыў, што вышыня гэтай гары над навакольнай раўнінай далёка не раўнялася глыбіні кратэра. Вялікую яму, здавалася, немагчыма было вымерыць; яна ўтварыла цёмнае бяздонне, у глыбіню якога не маглі пранікнуць сонечныя праменні.