Старонка:З пушкі на Луну.pdf/391

Гэта старонка была вычытаная

— Згодзен, — адказаў Ніколь, — але чаму-ж гэтыя рухі тады не былі роўнымі, калі яны роўныя цяпер?

— Таму што роўнасць устанавілася толькі паступова, з прычыны зямнога прыцяжэння.

— Такім чынам, чалавецтва знікла з Луны? — спытаў Ардан.

— Так, — адказаў Барбікен, — знікла, але, пражыўшы, напэўна, цэлыя тысячы стагоддзяў. Затым паволі атмасфера пачала радзець. Луна стала непрыгоднай для жыцця, якой стане калі-небудзь і наша Зямля.

— Ты думаеш, што такі-ж лёс чакае і Зямлю? — перапытаў Ардан.

— Вельмі магчыма.

— Значыць, мы рашаем, што на Луне было жыццё? — спытаў Ніколь.

Адказ далі станоўчы.

Між тым снарад хутка нёсся да луннага экватара, паступова аддаляючыся ад луннай паверхні.

Хутка горы зліліся ў далечыні, зніклі іх абрысы, і ад ранейшага цудоўнага відовішча засталіся толькі адны ўспаміны.


РАЗДЗЕЛ ХІХ

Барацьба з немагчымым

Доўга Барбікен і яго спадарожнікі моўчкі і задумліва глядзелі на гэты свет, ад якога яны беззваротна аддаляліся.

Палажэнне снарада адносна Луны змянілася; цяпер дно яго было павернута да Зямлі.