Старонка:З пушкі на Луну.pdf/394

Гэта старонка была вычытаная

— Што-ж ты хочаш з яго выкінуць? — спытаў Ніколь. — На нашым-жа судне няма баласту. К таму-ж аблегчаны снарад пойдзе, я думаю, яшчэ хутчэй.

— Цішэй, — сказаў Ардан.

— Хутчэй, — засупярэчыў Ніколь.

— Ні цішэй, ні хутчэй, — сказаў Барбікен, — таму што мы нясемся ў пустой прасторы, дзе ўсе целы падаюць з аднолькавай скорасцю.

— Ну, значыць, застаецца толькі адно! — выкрыкнуў Мішэль.

— Што такое?

— Снедаць! — спакойна адказаў адважны француз, які заўсёды нечакана вырашаў цяжкія задачы.

Таварышы паслухалі яго і ўзяліся за снеданне. Было дзве гадзіны ночы; пасля снедання зноў узяліся назіраць.

Выкінутыя з снарада прадметы трымаліся на нязменнай ад яго адлегласці. Відавочна, снарад, абарачаючыся вакол Луны, не прарэзаў ніякай атмасферы, таму што розная вага гэтых прадметаў змяніла-б іх адносны рух.

З боку Зямлі нічога не было відаць.

Луна была відовішчам зусім іншым: свяціла бліскала цудоўна сярод бязлікіх сузор’яў. Раўніны яе прымалі ўжо тое цёмнае адценне, якое відаць з Зямлі. Астатняя частка заставалася бліскучай, і пасярод гэтага бляску гара «Ціхо» вырэзвалася, яркая, як Сонца.

Барбікен ніяк не мог вызначыць скорасці снарада, але, згодна яго меркаванняў, гэтая скорасць павінна была змяншацца.

— Калі дапусціць, што снарад будзе апісваць арбіту вакол Луны, то арбіта гэта будзе, разу-