Канічная вярхушка снарада ўжо значна павярнулася да луннага дыска.
Усё прадракала, значыць, удачу. Калі, дасягнуўшы нейтральнага пункта, скорасць снарада стане зусім малой, то аднаго штуршка да Луны — нават не вельмі сільнага — будзе дастаткова, каб выклікаць падзенне снарада.
— Гадзіна без пяці мінут, — сказаў Ніколь.
— Усё гатова, — адказаў Ардан, падносячы падрыхтаваны кнот да полымя газу.
— Пачакай, — сказаў Барбікен, трымаючы хранометр у руцэ.
У гэтую хвіліну вага амаль не адчувалася. Яны былі блізка каля нейтральнага пункта ці знаходзіліся ў ім…
— Гадзіна! — сказаў Барбікен.
Ардан паднёс запалены кнот да снарада, які ўмомант перадаў полымя ўсім ракетам. З-за адсутнасці паветра гука стрэлу не пачулі, але Барбікен заўважыў праз акно полымя, якое хутка патухла. Снарад нібы здрыгануўся: страсенне было даволі значнае.
Падарожнікі глядзелі, слухалі моўчкі, ледзь пераводзячы дыханне. Чуваць было, як біліся іх сэрцы.
— Падаем мы? — спытаў урэшце Мішэль.
— Не! — усклікнуў Ніколь, — таму што дно снарада павярнулася да луннага дыска…
У гэтую хвіліну Барбікен, які стаяў каля акна, павярнуўся да сваіх спадарожнікаў. Ён быў страшэнна бледны, лоб у яго зморшчыўся, зубы моцна сціснуліся.
— Мы падаем, — сказаў ён.