Старонка:З пушкі на Луну.pdf/406

Гэта старонка была вычытаная

Не паспелі яны звярнуцца адзін да аднаго з пытаннем: «Што гэта такое?» — як ужо свіст пачуўся з страшэннай, аглушальнай сілай, і перад іх аслепленымі вачыма з’явіўся вялізны балід, раскалены, пры быстрыні свайго руху, ад трэння аб атмасферныя слаі.

Вогненная маса ўсё расла, расла, з падобным на гром грукатам ударылася аб бугшпрыт карвета, зламала яго і, нарэшце, з аглушальным шыпеннем знікла ў хвалях…

Каб упала гэта маса крыху бліжэй, — «Сускегана» перакулілася-б у ваду з усім сваім экіпажам.

Капітан Блемсберы выскачыў поўадзеты на бак, куды рынуліся і ўсе афіцэры.

— Што здарылася, панове? — запытваў капітан. — Што такое?

Мічман, як быццам выражаючы агульную думку, ускрыкнуў:

— Капітан, гэта — яны!


РАЗДЗЕЛ ХХІ

Мастон зноў з’яўляецца

Замяшанне на борце «Сускеганы» было вялікае. Афіцэры і матросы зусім не думалі аб тым, якой небяспекі яны самі толькі што уніклі: усе думкі былі паглынуты мільгнуўшым міма іх метэорам.

— Гэта «яны»! Гэта «яны»! — крычаў мічман.

Усе да аднаго зразумелі, хто «яны». Ніхто не сумняваўся, што маса, знікнуўшая ў хвалях, іменна і ёсць снарад Пушачнага клуба.

— Яны загінулі! — гаварыў адзін. — Памерлі! Задыхнуліся!