Старонка:З пушкі на Луну.pdf/438

Гэта старонка была вычытаная

гарматы павінен быў працягвацца ўсяго каля 1/40 долі секунды; за гэты кароткі момант скорасць так страшэнна ўзрасла. Ясна, што нарастанне скорасці павінна быць вельмі імклівым. Секунднае павелічэнне скорасці — тое, што ў механіцы называецца «паскарэннем» — лёгка вылічыць: калі ў 1/40 секунды скорасць павялічылася ад нуля да 16 000 метраў, то за цэлую секунду яна ўзрасла-б у 40 разоў, г. зн. дасягнула-б 640 000 метраў у секунду.

Што-ж павінны адчуваць пры гэтым пасажыры? Стоячы нерухома, мы прыціскаемся да апоры сілаю цяжару, якая імкнецца ўцягнуць усе целы ў рух, даючы ім секунднае «паскарэнне» 10 метраў у секунду. Гэта паскарэнне і абумоўлівае тое пачуццё абцяжарвання нашага цела, якое мы называем яго вагай. Але пасажыры ўнутры ляцячага пушачнага снарада ў момант стрэлу прыціскаліся-б к яго падлозе з сілаю ў 64 000 разоў большаю за звычайную сілу цяжару. Іншымі словамі пасажыры адчувалі-б, што зрабіліся ў 64 000 разоў цяжэйшымі: кожны з іх важыў-бы 400 тон! Вядома, такая страшэнная вага вокамгненна расціснула-б іх.

Унікнуць гэтых рэзультатаў стрэлу тымі мерамі перасцярогі, якія апісаны ў рамане, нельга. Вадзяны буфер мог аслабіць націск не больш, чым на якіх-небудзь поўпроцанта. Каб зменшыць быстрыню нарастання скорасці да бяспечнай ступені, варта-б падоўжыць пушку да некалькіх сот кілометраў: тады скорасць нарастала-б на больш даўгім шляху, г. зн. больш паступова. Вось чаму падарожжа на другія планеты ўнутры пушачнага снарада зусім невыканальнае.