Старонка:З пушкі на Луну.pdf/47

Гэта старонка была вычытаная

лётам снарада да таго самага моманту, калі ён упадзе на Луну.

— Што?! — усклікнулі са здзіўленнем маёр і генерал.

— Канешна, — упэўнена паўтарыў Барбікен. — Інакш дослед наш застанецца безрэзультатным.

— Але ў такім выпадку, — засупярэчыў маёр, — наш снарад павінен мець велізарныя размеры?

— Ніколькі. Зрабіце ласку толькі выслухаць. Вы ведаеце, да якой ступені ўдасканалення дайшлі цяпер падзорныя трубы. Тыя, у якія назіраюць за Луной, даюць павелічэнне ў 6000 разоў, г. зн. набліжаюць Луну да нас на адлегласць усяго 64 кілометры. А на такой адлегласці прадметы даўжынёю ў дваццаць метраў ужо добра відаць.

— Ну, што-ж вы хочаце? — запытаў генерал. — Няўжо вы думаеце аб снарадзе ў дваццаць метраў?

— Зусім не.

— Што-ж? Можа вы хочаце зрабіць луннае святло больш яркім?

— Іменна так.

— Вось лоўка! — усклікнуў Мастон.

— Гэта вельмі проста, — адказаў Барбікен. — Як вы думаеце: калі паменшыць таўшчыню атмасфернай абалонкі, праз якую прыходзіцца глядзець на Луну, ці не стане хіба луннае святло для нас больш яркім?

— Правільна! — згадзіўся Эльфістон.

— А каб атрымаць такі рэзультат, дастаткова ўстанавіць наш тэлескоп на высокай гары. Мы гэта і зробім!

— Здаюся, здаюся, — адказаў маёр. — Вы надзвычайна ўмееце спрошчваць задачы… І якое-ж павелічэнне спадзяецеся вы такім чынам атрымаць?