Старонка:З пушкі на Луну.pdf/50

Гэта старонка была вычытаная

— І можна будзе палажыць туды пісьмы, дакументы, тэлеграмы Луне, — падхапіў Мастон, — узоры твораў Зямлі?!

— Так, гэта будзе бомба, — адказаў Барбікен, — гэта безумоўна неабходна. Суцэльна літае ядро з трохметравым дыяметрам важыла-б больш двухсот тысяч фунтаў — гэта ўжо занадта многа. Але паколькі снарад павінен валодаць пэўнай моцнасцю, я прапаную для яго вагу ў пяць тысяч фунтаў.

— Вы ўжо вылічылі, якой павінна быць таўшчыня яго сценак? — запытаў маёр.

— Калі трымацца ўстаноўленай формулы, — заўважыў Морган, — то, пры дыяметры ў тры метры, таўшчыня сценак павінна быць не менш поўметра.

— Гэта вельмі многа, — адказаў Барбікен. — Размова, заўважце, ідзе не аб тым, каб прабіваць сцены ці металічныя броні. Дастаткова, каб сценкі ядра маглі вытрымаць напор парахавых газаў. Дык вось у чым задача: якую таўшчыню павінны мець сценкі чыгуннай бомбы, каб яна важыла не больш 5000 фунтаў? Наш выдатны матэматык, паважаны Мастон, нам зараз гэта вылічыць.

— Няма нічога лягчэйшага, — адказаў сакратар камітэта.

Ён хутка напісаў некалькі матэматычных формул; з-пад яго пяра выглядвалі розныя х і у, узведзеныя ў квадрат; паказаўся кубічны корань, здабыты Мастонам напамяць. Праз некалькі хвілін Мастон сказаў:

— 50 міліметраў дастаткова.

— Хіба дастаткова? — усумніўся маёр. — Такія сценкі не вытрымаюць напору газаў.