Старонка:З пушкі на Луну.pdf/60

Гэта старонка была вычытаная

— Нельга зрабіць яе наразной, — адказаў Барбікен. — Патрэбна вялікая першапачатковая скорасць для ядра, а вы добра ведаеце, што нарэзка некалькі затрымоўвае выхад снарада з пушкі.

— Гэта правільна, — згадзіўся генерал.

— Ну, цяпер закончылі з пытаннем аб гармаце? — запытаў Мастон ужо спакойна.

— Не, гэта яшчэ не зусім так, — засупярэчыў Барбікен.

— Што-ж яшчэ?

— Мы не ведаем, з якога метала будзе гармата.

— Дык давайце зараз-жа вырашым! — усклікнуў неўгамонны сакратар.

— Я гэта і хацеў вам прапанаваць.

Барбікен аб’явіў маленькі перапынак, у час якога кожны з чатырох членаў камітэта з’еў па другому дзесятку бутэрбродаў і запіў іх адпаведнай колькасцю чаю. Пасля гэтага адразу-ж вярнуліся да справы.

— Паважаныя калегі, — пачаў Барбікен, — наша гармата павінна быць вельмі моцнай, цвёрдай, агнетрывалай, неакісляемай.

— У гэтым не можа быць сумнення, — адказаў маёр, — і паколькі прыдзецца скарыстаць велізарную колькасць метала, то няцяжка і выбраць.

— У такім выпадку, — сказаў Морган, — прапаную для калумбіяды найлепшы сплаў з усіх да гэтага часу вядомых: на сто частак чырвонай медзі шэсць частак волава і шэсць — жоўтай медзі (латуні).

— Сябры, — адказаў Барбікен, — я цалкам згодзен з вамі, што гэты сплаў даў самыя лепшыя рэзультаты, але ён вельмі дарагі, і апрацоўваць яго цяжка. Думаю, што можна задаволіцца другім матэрыялам, — надзвычайным матэрыялам, хоць