Старонка:З пушкі на Луну.pdf/86

Гэта старонка была вычытаная

з Луізіянай у Напалеона за шаснаццаць мільёнаў далараў?

— Гэта проста ганьба! — закрычалі тады дэпутаты і абаронцы Техаса. — Такі нікчэмны шматок зямлі, як Фларыда, ды яшчэ асмельваецца раўняцца з Техасам! Техас ні прадаваўся, ні купляўся! Техас сам заваяваў сабе свабоду, прагнаўшы мексіканцаў 2 сакавіка 1863 года. Техас сам аб’явіў сябе федэратыўнай рэспублікай пасля перамогі Самуіла Густона на берагах Сан-Гіяцынто над войскамі генерала Санта-Анны. Техас сам, добраахвотна, далучыўся да Злучаных Штатаў Паўночнай Амерыкі.

— Таму што ён спалохаўся, каб мексіканцы зноў не заваявалі яго, — адказала Фларыда.

«Спалохаўся!» З таго дня, калі вырвалася гэта слова, — к таму-ж вельмі рэзкае і нявернае, — становішча стала немагчымым.

Усе ў Балтыморы баяліся, што прыезджыя дэпутаты Техаса і Фларыды схвацяцца на вуліцах і пачнуць рэзаць адзін аднаго. Прышлося наладзіць нагляд за ўсімі гэтымі людзьмі.

Старшыня Пушачнага клуба не ведаў, на што рашыцца. Кожны дзень да яго сыпаліся дакладныя запіскі, дакументы і нават пісьмы з самымі сур’ёзнымі пагрозамі. Барбікен доўга запытваўся ў сябе, на чый бок ён павінен стаць. З пункту гледжання будовы глебы і здавальняючасці, ці, дакладней, нездавальняючасці, шляхоў зносін, правы абодвух штатаў на ўстаноўку ў іх калумбіяды былі, па сутнасці, аднолькавыя; палітычныя-ж меркаванні і патрыятычнае выццё, па думцы Барбікена, да справы не адносіліся.

Трэба было скончыць з гэтымі хістаннямі. Барбікен склікаў Выканаўчы камітэт Пушачнага клуба