„Убірайся, жыві і красуй,
Пролетарская наша сталіца!“
Трамвай праплывае
далей і далей,
Ўрываецца броняю ў натаўп,
З усьмешкаю ветлаю
нікне ў вакне
Трамвайны вагонаважаты.
Трамвай праплывае!
Гады перамог!
Часіны шалёнае гонкі!
Зьнікаюць у днёх
будаўнічых трывог
Часы дапатопнае конкі.
І кожны наш дзень —
гэта новы вагон —
Нясе нас у гэткія шыры,
Дзе ўсе напярэдадні сонечных дзён
Важатыя і пасажыры.
А горад ня ціхне…
Узбуджаны шум
Цудоўныя песьні сьпявае.
І вось праплыла
цераз гоман і тлум
Павеўная постаць трамваю.
|