Старонка:Каб жыць, сьпяваць і не старэць (1931).pdf/18

Гэта старонка была вычытаная

ЯГО ЖЫЦЬЦЁ

Таварышу Айзіку Роткіну, стараму рабочаму Дубровенскае тэкстыльнае фабрыкі, з любоўю.

Звычайны сухаваты твар,
ды векам згорбленая постаць,
і толькі вочы неяк востра
вясёлкаю з-пад цьмяных хмар

глядзяцца, граюць аганькамі,
з пяшчотай войчай сьцерагуць,
гавораць, паляць і пяюць
непараўнанымі радкамі.

Поэты пачыналі так:
„Гары, ружовая Аўрора!“
Ён апраўляе свой пінджак
і зноў прыдушана гаворыць.

Жыцьцё яго — няма паўней,
усім-бы нам пражыць такое.
Жыцьцё яго — туга завей
і штандара ўрачысты колер.