Старонка:Каб жыць, сьпяваць і не старэць (1931).pdf/22

Гэта старонка была вычытаная

ЗА СЛОВЫ П‘ЯНАЕ ТРЫЗЬНІ…

За словы п‘янае трызьні
Мне крыўдна і ніякавата…
Юнацтва нашага агні
Бацькі куплялі ў казэматах.

І вось цяпер, нібы праз сон —
Праз нашы гульні, песьні нашы
Ўстае ў затоцы змрочных дзён
Вастрог… і брудная „параша“,

Маўклівасьць… Жудасьць… Цемра… Ноч.
І нават зоры не гавораць…
Чарнее неба палатно,
Сьцяной абнесен панадворак.

Сьвітае… Бразгат каля брам…
І павялі… забіць, скалечыць…
Пракляцьце вам, пракляцьце вам,
Забойцы волі чалавечай!..

Бацькі! Вы ўквечаны ў вякох,
А мы… ў гадох пакуты вашай
Смакталі ў матак малако,
Пакутвалі над маннай кашай.