Старонка:Каб жыць, сьпяваць і не старэць (1931).pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

ФАБРЫЧНАЯ ВЯСНА

Сонечным вясёлым зайкам
Устрывожана сьцяна.
І з расшпіленаю майкай
Ідзе фабрычная вясна,

Коміны вільготна дышуць,
Ў кожным русе колаў — сьмех
І вясна, —
Вясна калыша
Кожны цэх.

Гэй, давай
Вясёлы Май, —
Расхлістаем грудзі маем…
„Восень“, —
Кажа каляндар, —
Мы яго не запытаем…

Лістапад лісты залоціць.
Сэрцы травеньскія ў нас.
Постаць лёгкая ў палёце —
Ідзе фабрычная вясна.