дзіць тое або іншае сваё палажэньне, пераходзіў да апавяданьняў або казак. Далей яго ўжо захапляў сам працэс апавяданьня. Тут апавядальнік захапляўся, забываў пра папярэднюю размову і ўвесь аддаваўся ва ўладу фантазіі і мастацкай творчасьці. Рэдкі мог займальна расказаць самую звычайную казку. Для гэтага ён дадаваў ад сябе шмат пабочных абставінаў і аздабляў свой расказ вобразным апісаньнем карцінаў і псыхічнага стану дзейных асобаў. Словам, гэты стары валодаў вялікім мастацкім талентам.
Іван Аземша, па мянушцы Шавец, пражывае ў с. Лучыцах, Мазырскага павету. Гэта — яшчэ бадзёры стары, гадоў 70. Ягоны бацька, Павал Шавец, жыў больш за 100 гадоў. Ён захварэў адзін раз у жыцьці за дзень да сьмерці і памёр, здаецца, у 1891 або 1892 годзе. Перад сьмерцю ён выпіў паўбутэлькі гарэлкі, заснуў і больш не прачынаўся. Павал усё жыцьцё пражыў у маёнтку мясцовага памешчыка: раней — як прыгонны, а пасьля 1861 г. — як вольнанаёмны, выконваючы шавецкія і шорныя працы. Павал зашмат піў, за што часта цярпеў ад страшных пабояў. Памешчык вельмі часта так люта караў Паўла, што ён цэлымі днямі заставаўся ў непрытомным стане. Паводле яго, за ўсё сваё жыцьцё ён выпіў столькі гарэлкі, што калі б яе выліць на кола млына, то млын малоў бы некалькі содняў, і столькі выпаліў табакі, што зь яе магла б утварыцца агромністая сцірта ў некалькі сажняў вышынёю. Акрамя памешчыка, Паўла каралі французы ў 1812 годзе, калі захапілі з сабой як павадыра. Каля м. Клецка, Слуцкага павету, Павал уцёк ад французаў і трапіў да казакоў, якія таксама штодзень частавалі яго нагайкамі. Адзін раз казакі зьбілі Паўла да паўсьмерці і кінулі на беразе ракі. Павал ачуняў, падпоўз да ракі, напіўся вады і паплёўся дадому. У дарозе ён харчаваўся толькі ягадамі і сыраежкамі.