Старонка:Каля тэрасы (1929).pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

Ударнік. А што-ж, няпраўда, скажаце?

Барыка. Ды вы чулі калі-небудзь тав. Леніна, або іншых нашых правадыроў!

Ударнік. Ня чуў, дзякуй богу, і не жадаю чуць!

Барыка. Вось-жа! А яшчэ асьвечаны, здаецца, чалавек. Я ведаю толькі, што калі гаворыць з намі Ленін ці іншы хто з яго партыі — дык гэта тое, што нам, матросам, рабочым, салдатам хочацца чуць! Яны гавораць пра тое, што нам хочацца, каб было. Вам гэта зразумела?

Ударнік. Ну, вядома! Ня так лёгка мяне зьбіць, таварыш бальтыец. Я ня Сысой які-небудзь!

Барыка. Калі трэба будзе, дык пазьбіваем і вас!

Ударнік. Што? Гэта мы вас пазьбіваем! Галоўнае, вашыя галоўкі там, кіраўнічкоў…

Барыка. Ой, рукі кароткія, гаспадзін ударнік!

Ударнік. А што? — можа зноў захацелі „выступіць“? — А памятаеце 5 і 6 ліпеня здорава вас тады лупцавалі ў Піцеры. І хто — юнкеры адны! Эх вы! Э-э, ды ці ня там і вас „пачаставалі“, ранілі? Толькі цяпер мне прышло ў галаву… трэба будзе…

Барыка. Што? Падказаць можа тут, каб злавілі? Шаліш! (Бярэцца за кішэню, як-бы за рэвольвэр).

Ударнік. Не запужаеце! (Пагражаючы разыходзяцца) Паглядзім.

Барыка. Паглядзім, калі наладзім. Карнілавец!

Ударнік. Я… я вас… бальшавік! (Уцякае).

ЗЬЯВА III
Пігельскі, Лапцэвіч

Лапцэвіч. Проста галава дурэе! Што там у Петраградзе, хто там у Петраградзе, — Керанскі, Саветы? Нічога не разьбяру!

Пігельскі. Бальшавікі рыхтуюць выступленьне падобна ліпеньскаму, рыхтуюцца ўсюды і ва ўсе жылы…

Лапцэвіч. І даюць сваімі падрыхтоўкамі грунт для організацыі контррэволюцыі! Каб не яны, рэволюцыя спакойна ішла-б наперад. Яны кідаюць каменьні на яе дарозе...

Пігельскі. А з другога боку, вы думаеце, Керанскі перамог-бы Карнілава, каб не агітатары і лістоўкі сярод салдат 3-га корпусу, што ішоў з ім на Петраград?