Старонка:Каля тэрасы (1929).pdf/33

Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА VII
Генадзі, Софі

Софі. Вы адзін, Генадзі?

Генадзі. Усе разышліся… раптам…

Софі. Што там за шум?

Генадзі. Мітынг у нашай сырабойні…

Софі. Якую жудасьць мы перажываем, Генадзі! Хто выдумаў рэволюцыю?

Генадзі. Мусіць, рэволюцыянэры…

Софі. Мой муж, ваш дзядзя, таксама якубінец, крайні… Што да мяне, то я ніколі не згаджуся з рэволюцыяй. Усе роўны? Усе браты? — Ніколі! Адзінае, што я прызнаю ў рэволюцыі, — свабоду, як я яе разумею.

Генадзі. Як-жа вы яе разумееце, цёця Соня?

Софі. Цёця? Ня веру, каб вы сур‘ёзна лічылі мяне цёцяй. Я — цёця для вас, Генадзі? Ха-ха!

Генадзі. Не разумею вас, цёця…

Софі (закрывае яму рот). Ні гуку! Я проста жанчына — Соня, Софі, як хочаце!

Генадзі. Я ня зусім разумею… вас… Соф‘я… Соф‘я Пятроўна… Я, прызнаюся, зусім ня ведаю жанчын…

Софі. О, гэта тым цікавей, Генадзі. Вакол нас рэволюцыя…

Генадзі. І яна толькі пачынаецца… цёця…

Софі. Бяз цёці! Рэволюцыя — гэта і жах і прывабнасьць!

Генадзі. Для вас?

Софі. Так, для мяне! Рэволюцыя робіць цёмным і страшным кожны заўтрашні дзень, і таму павінна быць радасьней сягоньня. Рэволюцыя адчыняе дзьверы…

Генадзі. Свабодзе, — кажуць рэволюцыянэры.

Софі. А для мяне дзьверы, — граху!..

Генадзі. Што вы… цёця.

Софі. Так, граху, мой хлопчык! Вы чытаеце гісторыю францускай рэволюцыі, а я — біблію.

Генадзі. Сьвятую біблію?

Софі. Сьвятую, ха-ха! Гэта цікавая кніга жыцьця! Там усё пераблытана: сьвятасьць і распуста, грэх і пакаяньне… мой хлопчык… пройдзем далей… тут чуваць галасы мітынгу…

Генадзі. А дзядзя Андрэй?