Старонка:Каля тэрасы (1929).pdf/58

Гэта старонка не была вычытаная

Прахайла. Ха! Падумаеш, „Коля“ ёй прызнаўся. Ды зразумей ты, панчошка вязаная, што калі ў вас з ім да „Колі“ дайшло, дык тут не адным прызнаньнем папахвае!

Рая. Ня сьмейце так думаць!

Прахайла. Эх, ты! І куды матка глядзела, — выгадавала!

Рая. Я сама гадавалася — у гімназіі!

Прахайла. Сама! Гадавалася, ды ня вучылася! Табе што! Даруюць, што іспраўнікава дачка, а мне не падаруюць: усіх „таварышоў“ прыпомняць! Пастой тут. (Уваходзіць на тэрасу).

(3 саду — клапатня, крык…).

ЗЬЯВА VIII
Мікола, Вася, афіцэр, два казакі, Сысой. (Вядуць Сысоя)

Мікола. Вядзі яго сюды, разгледзім, хто такі? (Да казака). Што стаіш, як пень! Ээ! Дык гэта ты, „дзядзюшка“! Што ты тут зьбіраўся рабіць? А? Вас тут многа? А? Кажы, а не, дык…

Сысой. Ды што вы, гаспадзін капітан! Бога не баіцеся!

Мікола. Бога? Іш ты, бога ўспомніў, халуй!

Сысой. А што-ж, і ўспомніў! Чаму ня ўспомніць хоць-бы сабе і бога! А толькі дарма гэта ўсё: мы вартуем вас тут…

Мікола. Вартуеце? Ад каго?

Сысой. Ды як ад каго? Усяка бывае, рэволюцыя! А толькі ваш папаша прасілі…

Мікола. Што? Дык ты папраўдзе тут па просьбе старога пана? Ты не бальшавік?

Сысой. Мы? Я-ж кажу, мы тут вартуем.

Мікола (да казака). Папільнуй яго тут, а мы абойдзем дом і сад… (Ідуць).

Сысой (да казака). Ды што ты? За каго ты?

Казак. Мы нейтральныя — ні за Керанскага, ні за бальшавіков. А капітан взял нас сюды, — мы і ня знаем, што і как!

Сысой. Ня знаем! Малы ты ці што? Ня бачыш, што ўсім ім крышка! А калі вас тут знойдуць, дык і вам! За каго? За паноў, генэралаў? Няўжо вы ўсё там на Дану распанелі?

Казак. Зачем, мы… ваабшчэ…

Сысой. Зараз тут будуць з гораду бальшавікі… Керанскаму капут…