Старонка:Калісь (1919).pdf/20

Гэта старонка не была вычытаная

АКТ II.

Сцэна тая-ж самая. Дзе́нь. Вакяніцы адчынены. Праз вокны відаць вуліцу і праходжых.

ЗЬЯВА I.
Матка і Сусе́дка.

(сядзяць пры стале):

СУСЕДКА. — Іду я сягоньня, панечка, да ятак, — яткі зачынены! Ну, што ж, думаю сабе́, нічога ня зробіш, — як рэвалюцыя, дык рэвалюцыя! трэба абыйсьціся бяз мяса! Іду я ўжо дамоў, ажно спатыкаю Валентовую, сусе́дку. Тая кажа: „пойдзем на мітынг!“ Ды на які мітынг? адчапіся, кажу. А тая: „пойдзем, ды пойдзем!“ Ну, пайшла я. Уходзім. Саля вялікая, а народу так шчыльна, што няма дзе сярнічку уваткнуць. Стаю. Гляджу. Ажно тут адзін якійсь у чырвоным краваце, кудлаты такі, ускочыў на стол і як пачаў гаварыць, як пачаў гаварыць, так быццам аблакат якійсь. Толькі на момант дух перавядзе, і йзноў гаворыць — і йзноў гаворыць! А каб вы ве́далі, што ён казаў!? не паве́рыце! (цішэй) Усё на цара, ды на цара. „Проч, кажа, цара і усё такое, няхай жыве, кажа, рэвалюцыя“!

МАТКА. — А паліцыя што-ж на гэта?