Старонка:Калісь (1919).pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

ЛЮДВІКА. — Аптэка блізка… я пабягу… Выйду праз браму…

МАТКА. — Бойся-ж Бога! якжа-ж ты цяпе́р пойдзеш!

ЛЮДВІКА. — Нічога… (выбягае на права).

ЗЬЯВА XI.
Матка, Юрка.

МАТКА. — Людвіся! чакай!.. Людвіся! (д. с.) Пабе́гла! Ах, што гэтая дзяўчына робіць!.. (падыходзіць да Юркі). І на што было вам туды лезьці!? Ах, людзі, людзі! (выбірае з шафы палатняныя кавалкі і бярэ з стала жбанок з вадой). Самі сябе́ не шкадуюць! губяць сваё жыцьцё маладое!.. А Людвіська — паляце́ла! а там на вуліцы пе́кла! Ах, людзі, людзі!.. (варочаецца да Юркі). Пачакайце, прыме́це руку… вось так… (абмывае яму рану).

ЮРКА. — Хто гэта?.. Вы… пані?..

МАТКА. — Але… але… Ляжэце спакойна!

ЮРКА. — Скуль я… тутака?

МАТКА. — Прынесьлі вас на нашу бяду не́йкія з вуліцы… Вось як супакоіцца, трэба вас будзе ў бальніцу…

ЮРКА. — Ня трэба… ў бальніцу… арэштуюць…

(На вуліцы робіцца спакайне́й.)

МАТКА. — Ага!.. А што-ж вы думаеце, што тут у нас ляжаць і хварэць будзеце? Не, панок, выбачайце, але гэтага ня будзе! І так праз вас ужо шмат непрые́мнасьці было!..