Старонка:Карлік нос 1938.pdf/10

Гэта старонка была вычытаная

Якаў увайшоў і застыў на месцы ад здзіўлення: столь і сцены ў доме былі мрамарныя, крэслы, стулы і сталы — з чорнага дрэва, упрыгожанага золатам і каштоўнымі каменнямі, а падлога была шкляная і да таго гладкая, што Якаў некалькі разоў паслізгнуўся і ўпаў.

Бабуля прыклала да губ маленькі срэбраны свісток і неяк па-асабліваму, раскаціста свіснула, так што свісток затрашчаў на ўвесь дом. І зараз-жа па лесніцы быстра пабеглі ўніз марскія свінкі зусім незвычайныя марскія свінкі, якія хадзілі на двух лапках, замест чаравік у іх былі арэхавыя шкарлупкі, і апрануты гэтыя свінкі былі зусім як людзі-нават капелюшы не забылі захапіць.

— Куды вы дзявалі мае туфлі, нягодніцы? — закрычала бабуля і так ударыла свінак палкай, што яны з віскам падскочылі. — Ці доўга я яшчэ буду тут стаяць?..

Свінкі бегам пабеглі ўверх па лесніцы, прынеслі дзве шкарлупкі какосавага арэха на скураной падкладцы і спрытна надзелі іх бабулі на ногі. Бабуля адразу перастала кульгаць. Яна адкінула сваю палку ўбок і быстра заслізгала па шкляной падлозе, цягнучы за сабой маленькага Якава. Яму было нават цяжка паспяваць за ёй, да таго жвава яна рухалася ў сваіх какосавых шкарлупках.

Нарэшце, бабуля спынілася ў якімсьці пакоі, дзе было многа ўсякай пасуды. Гэта, як відаць, была кухня, хоць падлога ў ёй была ўслана дыванамі, а на канапах ляжалі вышытыя падушкі як у якім-небудзь палацы.