Старонка:Карлік нос 1938.pdf/16

Гэта старонка была вычытаная

за сабой — яму таксама было шкада з імі расставацца але яны быстра пабеглі назад у пакоі на сваіх шкарлупках, і хлопчык доўга яшчэ чуў здалёк іх жаласны віск.

Домік бабулі, як мы ўжо ведаем, быў далёка ад рынка, і Якаў доўга прабіраўся вузкімі, звілістымі завулкамі, пакуль не дабраўся да рынка. На вуліцах таўпілася вельмі многа народу. Дзесьці паблізу, мабыць, паказвалі карліка, таму што ўсе вакол Якава крычалі.

— Паглядзіце, вось агідны карлік! Адкуль ён узяўся, гэты карлік? Ну, і доўгі-ж ў яго нос! А галава прама на плячах тырчыць, без шыі. А рукі-ж, рукі, паглядзіце — да самых пятак!

Якаў у другі час з задавальненнем пабег-бы паглядзець на карліка, — ён вельмі любіў глядзець розных калек, якіх паказвалі на кірмашы. Але сёння яму было не датаго — патрэбна было спяшацца да маткі.

Нарэшце, Якаў дабраўся да рынка. Ён досыць такі пабойваўся, што яму пападзе ад мацеры. Ханна ўсё яшчэ сядзела на сваім месцы, і ў яе ў карзіне было нямала яшчэ гародніны—значыць, Якаў праспаў не асабліва доўга. Ужо здалёк ён заўважыў, што яго маці чымсьці засмучана. Яна сядзела моўчкі, падпершы рукой шчаку, бледная і сумная.

Якаў доўга стаяў, не адважваючыся падыйсці да маткі. Нарэшце, ён сабраўся з духам і, падкраўшыся да яе ззаду, паклаў ёй руку на плячо і сказаў:

— Мама, што з табой? Ты на мяне злуешся?