Старонка:Карлік нос 1938.pdf/22

Гэта старонка была вычытаная

Вы-ж сапраўдны прыгажунчык - тоненькі, стройны, шыя лебядзіная, рукі нібы ў каралевы, а носік курносенькі, лепшага няма на свеце. Вы, вядома, крыху ім фарсіце, ну, ды ўсёроўна, паглядзіце на сябе. Няхай не кажуць, што я з зайздрасці не дазволіў вам паглядзецца ў маё люстэрка.

Наведвальнікі, якія прышлі да Урбана брыцца і стрыгчыся, аглушальна рагаталі, слухаючы яго жарты. Якаў падышоў да люстэрка і мімаволі адхіснуўся. Слёзы выступілі ў яго на вачах. Няўжо гэта ён - гэты ўродлівы карлік? Вочы ў яго сталі маленькія, як у свінні, велізарны нос звешваўся ніжэй падбародка, а шыі як быццам і зусім не было. Галава глыбока ўвайшла ў плечы, а ён амаль зусім не мог яе павярнуць. - А ростам ён быў такі-ж, як сем год назад. - зусім маленькі. Іншыя хлопчыкі за гэтыя гады выраслі ўверх, а Якаў рос ушырыню. Спіна і грудзі ў яго былі шырокія-прашырокія, і ён быў падобен на вялікі, шчыльна набіты мяшок. Тоненькія кароценькія ножкі ледзь неслі яго цяжкое цела. А рукі з кручкаватымі пальцамі былі, наадварот, даўгія, як у дарослага мужчыны, звісалі амаль да зямлі. Такім быў цяпер небарака Якаў.

«Так, - падумаў ён, глыбока ўздыхаючы. - Не дзіўна, што ты не прызнала свайго сына, матуля. Не такім ён быў раней, калі ты любіла хваліцца ім перад суседкамі».

Яму ўспомнілася, як бабуля падышла ў тую раніцу да яго маткі. Усё, над чым ён тады смяяўся — і доўгі нос і брыдкія пальцы —