Старонка:Карлік нос 1938.pdf/23

Гэта старонка была вычытаная

атрымаў ён ад бабулі за свае насмешкі. А шыю яна ў яго адняла, як абяцала...

— Ну, што, уволю наглядзеліся на сябе, мой прыгажунчык? — спытаў са смехам Урбан, падыходзячы да люстэрка і аглядваючы хлопчыка з ног да галавы. - Чэснае слова, такога смешнага карліка і ва сне не ўбачыш. Ведаеце, малыш, я хачу прапанаваць вам адну справу. У маёй цырульні бывае многа народу, але не так многа, як раней. А ўсё таму, што мой сусед, цырульнік Шаум, раздабыў сабе дзесьці велікана, які прыманьвае да яго наведвальнікаў. Ну, стаць веліканам, наогул кажучы, ужо не так хітра, а вось такі крошка, як вы - гэта іншая справа. Паступайце да мяне на службу, малыш. І жыллё, і харч, і вопратку - усё ад мяне будзеце атрымліваць, а работы ўсяго - стаяць ля дзвярэй цырульні і заклікаць народ. Ды, бадай, яшчэ ўзбіваць мыльную пену і падаваць ручнік. І, напэўна вам скажу, мы абодва астанемся ў выгадзе: у мяне будзе больш наведвальнікаў, чым у Шаума з яго веліканам, а вам кожны яшчэ на чаёк дасць.

Якаў у душы вельмі пакрыўдзіўся - як гэта яму прапануюць быць прыманкай у цырульні! - але што зробіш? Прыходзілася сцярпець гэтую знявагу. Ён спакойна адказаў, што вельмі заняты і не мае часу для такой работы, і пайшоў.

Хоць цела ў Якава было скалечана, але галава працавала добра, як раней. Ён адчуў, што за гэтыя сем год зрабіўся зусім дарослым.